Пошук

Пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Ілюстрацыйнае фота Пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: Рада кардыналаў сабралася ў 40-ы раз

У 40-ы раз у Ватыкане сабралася Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Пасяджэнне праходзіла 21-23 лютага 2022 года ў Доме святой Марты.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля размовы, у якой асобныя кардыналы распавялі пра сацыяльна-палітычную і касцёльную сітуацыю ў рэгіёнах свайго паходжання, была ўзнята тэма сінадальнасці. Гаворка ішла пра тое, што ў цэнтры ідэнтычнасці Касцёла і неабходнага навяртання духавенства і свецкіх вернікаў павінен быць працэс слухання і распазнання.

Сярод розных пытанняў былі разгледжаны некаторыя аспекты, звязаныя з дыпламатычнай службай Святога Пасаду, роляй і дзейнасцю нунцыяў у цяперашніх палітычных і касцёльных рамках.

Члены Рады таксама пачулі і пракаментавалі даклад сястры Лінды Покэр, ад'юнкт-прафесара Папскага адукацыйнага факультэта Auxilium у Рыме, пра ролю жанчын і “марыйны прынцып” у Касцёле.

У сустрэчы са Святым Айцом прынялі ўдзел сем кардыналаў: П’етра Паралін, Оскар Андрэс Радрыгес Марадзьяга, Джузэпэ Бэртэла, Освальд Грасіас, Рэйнхард Маркс, Шон О'Мэлі і Фрыдалін Амбонга Бесунгу. Таксама прысутнічаў сакратар Рады, біскуп Марка Мэліна. Наступная сесія запланавана на красавік.

Задачай органа, створанага 13 красавіка 2013 года, з'яўляецца распрацоўка і рэдагаванне новай Апостальскай канстытуцыі, якая атрымала назву Praedicate Evangelium і мае на мэце кадыфікаваць рэформу Рымскай курыі. Як было заяўлена раней, Рада працягне існаваць і пасля завяршэння працы над Дакументам, яна будзе падтрымліваць Святога Айца ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам.
 

24 лютага 2022, 11:34