Біскуп Вероны: канцэпцыя міру ў цэнтры візіту Францішка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Мір – гэта больш, чым адсутнасць вайны, - сказаў біскуп Даменіка Пампілі, падкрэсліваючы, што ў гэтым плане Папа з’яўляецца адным з самых аўтарытэтных паслоў міру. Гэта пацвердзіць удзел Святога Айца ў суботняй дыскусіі Арэна міру. Чакаецца, што на сустрэчу на сусветна вядомай Арэне ў Вероне прыедуць прадстаўнікі розных каталіцкіх грамадскіх рухаў. У другой палове дня Папа будзе цэлебраваць святую Імшу на стадыёне футбольнага клуба Hellas.
Па словах біскупа Пампілі, яшчэ адным важным момантам стане візіт Папы ў турму. Упершыню Францішак будзе абедаць разам са зняволенымі і ахоўнікамі. Такім чынам ён хоча падкрэсліць, што нават у такім цяжкім месцы, як турма, заўсёды ёсць моманты яднання і прымірэння.
Падчас свайго візіту на Венецыянскую біенале ў канцы красавіка 2024 года Пантыфік сустрэўся з зняволенымі мясцовай жаночай турмы. Святы Пасад арганізаваў сёлетні павільён на біенале ў турме на востраве Джудэка з мэтай прасоўвання культуры сустрэчы і прыцягнення ўвагі да патрэб маргіналізаваных людзей. Каля 80 зняволеных удзельнічаюць у правядзенні ватыканскай выставы Маімі вачыма. Да лістапада яны праводзяць экскурсіі.
Біскуп Пампілі ўзначальвае Веронскую дыяцэзію, якая налічвае амаль 900 тысяч католікаў, з канца 2022 года. З 2007 па 2015 гады ён быў кіраўніком дэпартамента СМІ італьянскай біскупскай канферэнцыі. З 2018 года з’яўляецца старшынёй епіскапальнай камісіі па культуры і медыя.
Верона стане пасля Венецыі другім горадам ў межах Італіі, які сёлета наведае Францішак. У сярэдзіне чэрвеня ён плануе прыняць удзел у сустрэчы G7 у Апуліі, а ў ліпені – паехаць у Трыест.