Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад возьме ўдзел у швейцарскім саміце па Украіне

Прадстаўнік Святога Пасада будзе прысутнічаць на швейцарскім мірным саміце па Украіне, запланаваным на 15-16 чэрвеня 2024 года. Аб гэтым заявіў кардынал П’етра Паралін у кулуарах рымскага саміту Хрысціянскага саюза прадпрымальнікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзяржсакратар Яго Святасці не бачыць на сённяшні дзень прасторы для дыялогу і перамоў па Украіне. “Паглядзім, што ён прынясе, ці выкліча нейкі рух да міру”, - так іерарх пракаментаваў перспектывы мірнага форуму ў Швейцарыі.

Паралін пацвердзіў удзел Святога Пасаду, але на дадзены момант не вызначана, хто паедзе на сустрэчу. “Мы маем статус назіральніка і ў першую чаргу засяроджваемся на гуманітарных аспектах мірнага плана”, - падкрэсліў ён.

Што тычыцца абмену палоннымі, да якога заклікае Папа, кардынал паведаміў, што ўжо адбыўся абмен спісамі, але дадаў: “Я не ведаю, ці будуць гэтаму адпавядаць канкрэтныя дзеянні. Думаю, што так, але, магчыма, не хутка. Аднак, дыялог адносна палонных працягваецца".
 

16 мая 2024, 12:22