Пошук

Папа: кліматычны крызіс патрабуе неадкладных і рашучых дзеянняў

“Разбурэнне навакольнага асяроддзя – гэта злачынства супраць Бога”, - нагадаў Францішак удзельнікам IV Міжнароднай сустрэчы “Ад кліматычнага крызісу да кліматычнай устойлівасці" падчас аўдыенцыі ў Ватыкане 16 мая 2024 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У трохдзённай сустрэчы, арганізаванай Папскай акадэміяй навук і Папскай акадэміяй сацыяльных навук, удзельнічаць прадстаўнікі міжнародных арганізацый, даследчыкі, рэлігійныя лідары, эксперты, мэры і іншыя мясцовыя дзеячы. Яны абмяркоўваюць чатыры ключавыя аспекты кліматычнага крызісу: водныя рэсурсы, паветра, харчаванне і энергію. Вынікам саміту стане рэалізацыя Пратакола павышэння ўстойлівасці да змены клімату, які будзе прадстаўлены дзяржавам-удзельніцам Рамачнай канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб змяненні клімату.

У сваёй прамове да ўдзельнікаў канферэнцыі Папа адзначыў, што колькасць дадзеных аб змене клімату расце з года ў год, таму неабходна тэрмінова прымаць меры для абароны людзей і прыроды. "Разбурэнне навакольнага асяроддзя – гэта злачынства супраць Бога, грэх, які носіць не толькі асабісты, але і структурны характар, які падвяргае сур'ёзнай небяспецы ўсіх людзей, асабліва найбольш уразлівых з нас, і пагражае выклікаць канфлікт пакаленняў". На нас ляжыць сур'ёзная адказнасць за тое, каб нашы дзеці і моладзь не былі пазбаўленыя будучыні, - папярэдзіў Францішак.

У цяперашні час мы сутыкаемся з шэрагам узаемазвязаных праблем, такіх як змена клімату, страта біяразнастайнасці, дэградацыя навакольнага асяроддзя, няроўнасць, адсутнасць харчовай бяспекі і пагроза годнасці людзей, закранутых гэтымі праблемамі. Без тэрміновага і калектыўнага рашэння яны будуць прадстаўляць пагрозу існаванню ўсёй нашай чалавечай сям'і, іншых жывых істот і экасістэм, аднак найбольшыя пакуты прыпадуць на долю беднага насельніцтва, - нагадаў Пантыфік.

Францішак прывёў такія даныя: Багатыя краіны, насельніцтва якіх складае каля 1 мільярда чалавек, вырабляюць больш за палову забруджвальных рэчываў, якія ўтрымліваюць цяпло. У той жа час, на долю 3 мільярдаў самых бедных людзей прыпадае менш за 10% забруджвання, але яны больш за ўсіх пакутуюць ад наступстваў пацяплення: на іх долю прыпадае 75% агульнага ўрону. 46 найменш развітых краін, у асноўным афрыканскіх, вырабляюць усяго 1% глабальных выкідаў CO2. На краіны G20 прыпадае 80% выкідаў.

“Шлях, які нам трэба прайсці, цяжкі і багаты небяспекамі. Дадзеныя, атрыманыя на гэтым саміце, паказалі, што наступствы змены клімату адбіваюцца на ўсіх аспектах нашага жыцця, пагражаючы водным рэсурсам, паветру, харчаванню і энергетычным сістэмам. Не меншую трывогу выклікаюць пагрозы здароўю і дабрабыту людзей. Мы назіраем заняпад супольнасцяў і вымушанае перамяшчэнне сем'яў. Забруджванне атмасферы штогод заўчасна ўносіць мільёны жыццяў. Больш за 3,5 мільярда чалавек жывуць у раёнах, найбольш адчувальных да разбуральных наступстваў змены клімату, і гэта вымушае іх міграваць. У апошнія гады мы сталі сведкамі таго, як многія з нашых братоў і сясцёр загінулі ў адчайных падарожжах, і прагнозы на будучыню выклікаюць трывогу. Абарона годнасці і правоў кліматычных мігрантаў азначае абарону святасці кожнага чалавечага жыцця і патрабуе павагі да Божага запавету клапаціцца аб нашым агульным доме і абараняць яго”, - сказаў Францішак.

Папа далучыў свой голас да закліку ўдзельнікаў саміту: “Па-першае, неабходна выпрацаваць універсальны падыход і распачаць хуткія і рашучыя дзеянні, здольныя прывесці да зменаў і палітычных рашэнняў. Па-другое, неабходна павярнуць назад крывую глабальнага пацяплення, скараціўшы тэмпы пацяплення ўдвая за кароткі прамежак часу ў чвэрць стагоддзя. Адначасова неабходна імкнуцца да глабальнай дэкарбанізацыі і ліквідацыі залежнасці ад выкапнёвага паліва. Па-трэцяе, неабходна ліквідаваць вялікую колькасць вуглякіслага газу з атмасферы з дапамогай экалагічнай праграмы, якая разлічана на некалькі пакаленняў. У гэтым пачынанні сама прырода стане нашым верным саюзнікам, выяўляючы свае рэгенератыўныя здольнасці”.

Святы Айцец заклікаў захаваць прыродныя багацці – басейн Амазонкі і Конга, балоты і мангравыя лясы, акіяны, каралавыя рыфы, сельскагаспадарчыя ўгоддзі і ледавіковыя пакровы – якія спрыяюць скарачэнню глабальных выкідаў вуглякіслага газу. Такі інтэгральны падыход дапаможа супрацьстаяць змене клімату, страце біяразнастайнасці і няроўнасці.

“Кліматычны крызіс патрабуе глабальнага супрацоўніцтва і салідарнасці. Дзякуючы скарачэнню выкідаў, асвеце па пытаннях ладу жыцця, інавацыйнаму фінансаванню і выкарыстанню правераных прыродаахоўных рашэнняў мы павысім устойлівасць, у прыватнасці да засухі”, - зазначыў Папа.

Нарэшце, неабходна распрацаваць новую фінансавую архітэктуру, здольную задаволіць патрэбы глабальнага поўдня і астраўных дзяржаў, сур'ёзна пацярпелых ад кліматычных катастроф. Рэструктурызацыя і скарачэнне даўгоў, а таксама распрацоўка да 2025 года новай глабальнай фінансавай Хартыі, якая б вызначала экалагічны доўг дзяржаў, могуць аказаць істотную дапамогу ў змякчэнні наступстваў змены клімату, - адзначыў Францішак.

“Неабходна дзейнічаць неадкладна і рашуча, паколькі стаўкі найвышэйшыя”, - завяршыў сваю прамову Пантыфік.

16 мая 2024, 12:02